Неабароненая

 




Стэла

за дымам

святлошумавых

гранат

не бачым,

куды нам бегчы

куды ні бяжы

мінулае насоўваецца

са шчытамі

на нашы сцягі

 


Заслаўская

дваццаць шэсць гадоў

барыкадамі выбудаваліся

паміж мной і табой

можаш цкаваць мяне сваімі псамі

я не баюся

ты сам – пожыў для груганоў

 


Няміга

 

калі вы кідаецеся на нас

дручкамі і вадамётамі,

што мне рабіць –

маліць вас спыніцца

альбо ўцякаць?

 

даволі! хопіць!

 



Пушкінская

вы засыпалі соллю

нашае “не забудзем!”

але гэта соль з нашых слёз

яна апячэ вам вочы

ад яе ў вас адсохнуць рукі

а мы ўсё адно не забудзем

нас мільёны

і ўсе мы прыносім кветкі




Рыга

мы разабралі на брусочкі

ваш тэрор

збудуем сабе новую дарогу

ты ганяеш

сваю машыну вайны

па калдобінах

 

 


Плошча Незалежнасці

вы скралі мой голас

аддайце мой голас!

я буду прыходзіць штодня,

пакуль не пачую яго зноў

 

ад рэха маіх крокаў

раструшчацца вашыя

бетонныя сцены

ад папроку ў маіх вачах

разаб’юцца шыбы

вашых пустых вокнаў

 

 

 

 

 

Comments